Вітаю вас, мае даражэнькія чытачы. Па майму сціпламу меркаванню і нейкаму нутранаму адчуванню, надыйшоў час, зноў зазірнуць у кулуары сучаснай беларускай літаратуры. Прадставляю вашай увазе першую кнігу з трылогіі Людмілы Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега".
Кніга была напісана ў 2012 годзе і амаль адразу стала мэйнстрымнай з'явай для беларускага чытача.
Усе мы памятаем захапляльныя прыгоды трох мушкецёраў, ад французскага майстра Аляксандра Дзюма. Дык вось, "Авантуры...", па сваёй сутнасці, гэта тыя ж я..., мушкецёры толькі ў профіль. Тут вам і збяднелы малады шляхціч, чыя прага да прыгодаў зацягне яго ў не адну пастку, тут вам і прыўкрасная дама, заваяваць сэрца якой - справа шляхетнай годнасці, і крыху дзіўнаваты, але вельмі рацыянальны і начытаны для свайго часу, прафесар алхіміі...
Прызнаюся шчыра, нічога сур'ёзнага ад гэтага твора я не чакаў, але каб не пачувацца белай варонай падчас размоў на літаратурныя тэмы, вырашыў усё ж зацаніць новы раман, тым больш, што ён падаецца, як постамадэрнавая з'ява.
Спачатку пра тое, што спадабалася. Цудоўна акрэслена і распісана эпоха 18 стагоддзя. Наяўнасць у сюжэце рэальна існаваўшых гістарычных постацяў: Радзівілаў, Пане Каханку, не магла не спакусіць такога чытача, як я. Выдуманыя героі гарманічна ўпісваюцца ў гістарычную канву, што сведчыць пра добрую арыентаванасць аўтара ў чалавечых характарах і грамадскай ролі людзей, з розных сацыяльных супольнасцей, у часы праўлення Кароны. Ну і вядома ж адносіны: сяброўскія, рамантычыя, варожыя, карыслівыя... Мяне заўсёды вабіла такая разнастайнасць і насычанасць.
Ну а цяпер пра набалелае. Я не знайшоў у кнізе ніводнай ідэі, прэтэндуючай на азначэнне галоўнай. (Забягаючы наперад скажу, што не знайшоў я яе і ў астатніх кнігах серыі). Увогуле, узнікла ўражанне нейкай пустэчы, кшталту прачытаў - і забыў. Вядома, пафасных прамоў хапае. І падаецца, што вось-вось ты схопіш нейкую схаваную ў іх думку, якая раскрые сэнс самога напісання твора. Але на выхадзе ўсё тая ж пустэча. Крытыкі пішуць пра Рублеўскую, як пра падаўжальніцу справы Караткевіча. А я скажу: не дацягвае. Вось не хапае ёй чагосьці і хоць ты ілбом грукніся.
Вынік: белетрыстыка, як яна ёсць. Той самы выпадак, калі праглынуў за некалькі дзён і больш ніколі ў рукі не возьмеш. А з іншага боку... Беларуская літаратура зараз перажывае не лепшыя свае часы, і можа быць менавіта з'яўленне такіх вось масавых тэкстаў і здолее прыцягнуць увагу людзей да беларускай культуры.
Асабістая адзнака: 7 з 10
ЗЫ. Не забудуся я і на астатняі кнігі трылогііі. У хуткім часе чакайце новых пастоў пра кнігі Людмілы Рублеўскай.=)
